суббота, 16 апреля 2016 г.

Лаўрэаты літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага

Літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага рашэннем Гомельскага аблвыканкама зацверджана ў лютым 2013г. Яе мэта – стварэнне высокамастацкіх твораў; выяўленне знакавых імёнаў у сферы слоўнага мастацтва; павышэнне статусу пісьменніка ў грамадстве; умацаванне станоўчага іміджа рэгіёна.
Прэмія прысуджаецца штогод на конкурснай аснове ў 6 намінацыях: «Проза», «Паэзія», «Драматургія», «Дзіцячая літаратура», «Публіцыстыка і літаратурная крытыка», «Адкрыццё».

Лаўрэаты прэміі ў 2015г .:
  • у намінацыі «Адкрыццё» – група аўтараў Шастакова Наталля Сямёнаўна, Шастакоў Максім Яўгенавіч за літаратурны твор «Обретенная икона (Следами Николая Угодника)»;
  • у намінацыі «Паэзія» – Нікіціна Ніна Нічыпараўна за літаратурны твор «З матчынай малітваю і песняй»;
  • у намінацыі «Драматургія» – Бычкоў Аляксей Міхайлавіч за літаратурны твор «Любовь на расстоянии»;
  • у намінацыі «Дзіцячая літаратура» – Квяткоўская Вера Фёдараўна за літаратурны твор «Праздник мыльных пузырей»;
  • у намінацыі «Проза» – Кавалёў Міхаіл Мітрафанавіч (аўтарскі псеўданім Міхась Сліва) за літаратурны твор «Не трэба хвалявацца».

Шастакоў Яўген Пятровіч нарадзіўся 4 жніўня 1955 года ў в. Роўкавічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Адукацыя вышэйшая (матэматык). Тэматыка літаратурнай творчасці: публіцыстыка, проза. Захапляецца краязнаўствам, рэлігіязнаўствам, фатаграфіяй, арніталогіяй. Аўтар шматлікіх публікацый у СМІ. Аўтар фотавыстаў, лаўрэат літаратурных і фатаграфічных конкурсаў.
Шастакова Наталля Сямёнаўна нарадзілася 8 верасня 1958 года ў г. Гомелі. Адукацыя вышэйшая (матэматык, выкладчык). Тэматыка літаратурнай творчасці: публіцыстыка, проза. Захапляецца краязнаўствам, рэлігіязнаўствам, арнітолагіяй. У 2011 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга апавяданняў «В гостях у Варьки». Аўтар шматлікіх публікацый у СМІ, лаўрэат літаратурных і экалагічных конкурсаў.
Шастакоў Максім Яўгенавіч нарадзіўся 8 лістапада 1983 года ў г. Гомелі. Адукацыя вышэйшая (эканаміст-менеджэр). Працуе ў жанрах: публіцыстыка, проза, паэзія. Аўтар публікацый у зборніку «Мы дзеці твае, Беларусь», выдадзеным ў 1998 годзе Беларускім фондам сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў «Мы – дзецям». Захапляецца фатаграфіяй, арнітолагіяй. Мае шматлікія публікацыі ў СМІ. Лаўрэат літаратурных і экалагічных конкурсаў.
 Ніна Нічыпараўна Нікіціна (Шклярава) нарадзілася 10 снежня 1947 года ў вёсцы Пракопаўка Гомельскага раёна. Вучылася ў Церахоўскай СШ, скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. Працавала карэспандэнтам Гомельскай раённай газеты «Маяк», інструктарам Гомельскага РК ЛКСМБ, настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў школах Гомеля, а таксама рэдактарам Гомельскай студыі тэлебачання. Друкуецца з 1961 г. Аўтар шматлікіх вершаў, паэм, выдадзеных асобнымі кнігамі, пачынаючы з 1971 года. выдала зборнікі паэзіі: «Мая веска» (1971), «Міг і вечнасць» (1979), «Дзічка» (2001), «Аберуч» (2008), «Аканіцы»; (2008), «Сполохи дождя» (2008), «Красворды і загадкі для вашага дзіцяткі» (2009), «Млён» (2012), «Завідна» (2015), «Волюшка святая» (2015). Друкуецца ў шэрагу калектыўных зборнікаў Расіі, Украіны, Беларусі. Шмат перакладае. Сярод перакладчыкаў яна пакуль што адзіная жанчына, што асмелілася адолець цалкам «Слова пра паход Ігаравы» са старарускай мовы. Пераклала на беларускую мову вядомую паэму М. Мельнікава «Рускі крыж». Яе вершы друкаваліся на рускай, украінскай, польскай і англійскай мовах. Лаўрэат абласных прэмій: Памяці Івана Мележа, імя К. Тураўскага, імя Анатоля Грачанікава, расійскай прэміі М. Мельнікава. Адзначана архірэйскай Граматай Тураўскай Епархіі. Узнагароджана дыпломамі Міжнароднага конкурсу «Сузор'е Ліхачова» сярод мастацкіх кіраўнікоў таленавітай моладзі, нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За ўклад у літаратуру». Зараз працуе кіраўніком Школы маладога літаратара. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Аляксей Міхайлавіч Бычкоў нарадзіўся 1 жніўня 1951 у г. Данецку. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вядучы акцёр Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. Піша на беларускай і рускай мовах. Аўтар зборніка п'ес-казак «Цудоўная казка – Прыгожая песня» (2001). Па некаторых п'есах пастаўлены спектаклі: «Цудоўная казка – Прыгожая песня», «Приключения маленькой Бабы Яги» і іншых.
Аляксей Міхайлавіч – куратар, непасрэдны ўдзельнік шведска-беларускага праекта «Театр в тюрьме» (2004 год). Па выніках дадзенай работы падрыхтавана да выдання дакументальна-публіцыстычная аповесць «Дело № ...», у аснову якой пакладзены лісты-шчырасці асуджаных жанчын. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Гомельскага аблвыканкама (2015).
Квяткоўская Вера Фёдараўна нарадзілася на Гомельшчыне ў горадзе Тураў. Скончыла Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум. Працавала інжынерам у УПТК «Дняпроўскае» трэста Гомельпрамбуд.
Вершы пачала пісаць са школьных гадоў. Перыядычна друкуецца ў раённых і абласных газетах. Часта наведвае літаратурныя аб'яднанні «Пралеска» і «Родники». Актыўна ўдзельнічае ў правядзенні творчых вечароў і сустрэч.
Аўтар кніг «Листопад любви», «Странник у огня», «Мир у ног амазонки», «Оттаявшие небеса». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
 Міхаіл Мітрафанавіч Кавалёў (Міхась Сліва) нарадзіўся 31 ліпеня 1950 года ў вёсцы Каменка Рагачоўскага раёна; Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў галоўным рэдактарам Беларускага навукова-даследчага інстытута жывёлагадоўлі, у Рагачоўскім райвыканкаме, цяпер – супрацоўнік Рагачоўскай раённай газеты «Свабоднае слова». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага Саюза журналіста.
Празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Аўтар кніг прозы «Усмешка Джаконды», «Прыгожыя караблі», «Запрашаю ўсміхнуцца», «Дочь за отца» (у сааўтарстве), «Ход канём», «Сустрэліся кум з кумой», «Віртуальнае каханне», «Радасць жыцця», «Друзья познаются в ... шутках», «Клюква по знакомству», «Жыццё на Парнасе», «... I мора па калена», «Станцыя Надзея, або ненапісаная аповесць», «На Дняпроўскім лузе», кніг для дзяцей «Кот Матрос», «Як кнігі дзяўчынку выхавалі», зборнікаў літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій «Найвышэйшае і святлае» і «Лік, які выратоўвае», шматлікіх публікацый у калектыўных зборніках, альманахах, часопісах, газетах. Перакладае з чэшскай і ўкраінскай моў. Творы друкаваліся таксама ў Расіі, Украіне, Польшчы.
Лаўрэат прэміі часопіса «Вожык» (у жанры мініяцюры) за 1988 год, лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2008 года» ў галіне «Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства». Пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2009 года» ў галіне «Сатыра і гумар» – «Залаты Купідон». Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя А. Капусціна (2013 год), лаўрэат конкурсу Беларускага Саюза журналіста «Залатое пяро».
Узнагароджаны Граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі за плённую працу ў галіне дзіцячай літаратуры, Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускага Саюза журналістаў.  

Комментариев нет:

Отправить комментарий